ПРАДМОВА


Электронны вучэбна-метадычны комплекс (ЭВМК) па вучэбнай дысцыпліне “Методыка выкладання беларускай мовы” прызначаны для рэалізацыі стандарта спецыяльнасці 6-05-0112-02 “Пачатковая адукацыя” і забяспечвае ўмовы для эфектыўнай самастойнай працы студэнтаў праз аб’яднанне ўсіх неабходных вучэбных і вучэбна-метадычных матэрыялаў.

Электронны вучэбна-метадычны комплекс мае сістэмны характар: вырашае задачу бесперапыннай адукацыі, арыентуецца на фарміраванне прафесійнай кампетэнтнасці будучых настаўнiкаў пачатковых класаў.

Мэта ЭВМК – стварыць умовы для найбольш эфектыўнай рэалізацыі патрабаванняў вучэбнай праграмы “Методыка выкладання беларускай мовы” і адпаведнага адукацыйнага стандарта вышэйшай адукацыі.

Асноўныя задачы ЭВМК:

– павышэнне якасці падрыхтоўкі студэнтаў дзённай і завочнай формаў атрымання вышэйшай адукацыі спецыяльнасці 6-05-0112-02 “Пачатковая адукацыя”;

– арганізацыя эфектыўнай самастойнай працы студэнтаў па засваенні вучэбнага матэрыялу.

Электронны вучэбна-метадычны комплекс уключае:

– тэарэтычны раздзел (канспекты лекцый, якія ахопліваюць увесь спектр пытанняў, на якiя трэба засяродзіць увагу студэнтаў);

– практычны раздзел (планы практычных i лабараторных заняткаў);

– раздзел кантролю ведаў (кантрольны тэст, пытанні да экзамену);

– дапаможны раздзел (змест вучэбнай праграмы, прыкладны тэматычны план, спіс рэкамендаванай i выкарыстанай літаратуры, гласарый).

Актуальнасць вывучэння дысцыпліны “Методыка выкладання беларускай мовы” вызначаецца тым, што моўнай адукацыі належыць важнае месца ў гуманітарным развіцці асобы, якое з’яўляецца прыярытэтнай задачай сучаснай школы. Навучанне беларускай мове ў Рэспубліцы Беларусь характарызуецца камунікатыўнай накіраванасцю, якая забяспечвае развіццё ў вучняў гатоўнасці да эфектыўных маўленчых зносін у розных сферах дзейнасці. Менавіта таму пры падрыхтоўцы будучага настаўніка пачатковых класаў важна ўзброіць яго ведамі і ўменнямі, неабходнымі для фарміравання ў вучняў пачатковых класаў базавых моўных ведаў, эмацыянальна-каштоўнасных адносін да беларускай мовы, маўленчакамунікатыўных і агульнавучэбных уменняў і навыкаў, пазнавальнай цiкавасцi, маральна-этычных якасцей, звязаных з захаваннем правіл і прынцыпаў зносін.

Мэта вучэбнай дысцыпліны – садзейнічаць набыццю студэнтамі тэарэтычных ведаў і практычных уменняў арганізацыі працэсу моўнай адукацыі на I ступені агульнай сярэдняй адукацыі, кіравання пазнавальнай і камунікатыўнай дзейнасцю вучняў на ўроках беларускай мовы.

Задачы дысцыпліны:

– садзейнiчаць засваенню студэнтамi навукова-метадычных ведаў аб накіраванасці, логіцы, структуры і змесце курса беларускай мовы на I ступені агульнай сярэдняй адукацыі;

– спрыяць фарміраванню ў студэнтаў прафесійна-метадычных уменняў у арганізацыі працэсу моўнай адукацыі: дапамагчы будучым настаўнікам усвядоміць мэту моўнай адукацыі; пазнаёміць з вучэбнымі праграмамі, вучэбнымі дапаможнікамі па беларускай мове; навучыць планаваць і арганізоўваць адукацыйны працэс, праводзіць розныя віды навучальных і кантрольных прац, весці апытанне; аб’ектыўна ацэньваць веды, уменні і навыкі вучняў; правільна выкарыстоўваць нагляднасць і інфармацыйна-камунікацыйныя тэхналогіi на ўроках беларускай мовы;

– садзейнiчаць фарміраванню прафесійных уменняў настаўніка, здольнага забяспечыць малодшаму школьнiку паўнавартасную моўную адукацыю і маўленчае развіццё;

– спрыяць развiццю навукова-даследчых i творчых здольнасцяў студэнтаў;

– выхоўваць любоў і павагу да роднага слова, духоўнай і інтэлектуальнай спадчыны беларускага народа; маральныя і прафесійна-значымыя якасці будучых педагогаў.

Вучэбная дысцыпліна «Методыка выкладання беларускай мовы» з’яўляецца дысцыплінай дзяржаўнага кампанента, уваходзіць у модуль «Методыка філалагічнай адукацыі малодшых школьнікаў» і звязана з такімі вучэбнымі дысцыплінамі, як «Беларуская мова», «Методыка развіцця маўлення», «Методыка выкладання літаратурнага чытання», «Методыка навучання грамаце і каліграфія».

Згодна з адукацыйным стандартам вышэйшай адукацыі I ступені і вучэбным планам па спецыяльнасці 6-05-0112-02 «Пачатковая адукацыя» вывучэнне вучэбнай дысцыпліны «Методыка выкладання беларускай мовы» накіравана на фарміраванне ў студэнтаў

універсальнай кампетэнцыі: ажыццяўляць прафесійную дзейнасць ва ўмовах абнаўлення яе мэт, зместу, змены тэхналогій, вызначаць метады рашэння прафесійных задач, ацэньваць іх эфектыўнасць і якасць;

базавых прафесійных кампетэнцый: праектаваць працэс навучання, ставіць адукацыйныя мэты, адбіраць змест вучэбнага матэрыялу, метады і тэхналогіі на аснове сістэмы ведаў у галіне тэорыі і методыкі педагагічнай дзейнасці; ажыццяўляць адбор зместу, форм, метадаў і сродкаў навучання і выхавання, выкарыстоўваць іх у адукацыйным працэсе з улікам узроставых і псіхалагічных асаблівасцей вучняў.

У выніку вывучэння вучэбнай дысцыпліны студэнт павінен

ведаць:

– навукова-метадычныя асновы выкладання беларускай мовы ў пачатковых класах;

– змест і патрабаванні праграмы па беларускай мове для I ступені агульнай сярэдняй адукацыі;

– асаблівасці пабудовы курса беларускай мовы ва ўстановах адукацыі з рускай мовай навучання і выхавання;

– метады і прыёмы навучання мове;

– асаблівасці выкарыстання электронных сродкаў у працэсе моўнай адукацыі;

– методыку вывучэння кожнага з раздзелаў курса беларускай мовы ў пачатковых класах;

умець:

– планаваць вучэбную работу на ўроках беларускай мовы ў пачатковых класах;

– рэалізоўваць пазнавальныя, развіццёвыя і выхаваўчыя задачы на ўроках беларускай мовы;

– праводзіць аналіз дыдактычнага моўнага матэрыялу і выкарыстоўваць яго ў розных відах вучэбнай дзейнасці;

– спалучаць работу па засваенні вучнямі нормаў і законаў беларускай мовы з фарміраваннем лінгвакультуралагічных уяўленняў і ведаў, камунікатыўных уменняў і навыкаў, належных маўленчых паводзін;

– выкарыстоўваць разнастайныя метады і прыёмы навучання мове;

– выкарыстоўваць электронныя сродкі навучання ў працэсе моўнай адукацыі;

– выяўляць, класіфікаваць і папярэджваць моўныя і маўленчыя памылкі рознага характару ў вусных выказваннях і пісьмовых працах вучняў пачатковых класаў;

валодаць:

– навыкамі падрыхтоўкі і правядзення ўрокаў беларускай мовы розных тыпаў;

– метадамі і прыёмамі арганізацыі пазнавальнай дзейнасці вучняў;

– інфармацыйна-камунікацыйнымі тэхналогіямі, якія забяспечваюць сучасны ўзровень моўнай адукацыі;

– навыкамі ажыццяўлення кантрольна-ацэначнай дзейнасці ў працэсе навучання беларуска мове.